Раздзел 8. Графіка

 

Беларуская літаратурная мова функцыянуе ў  дзвюх формах: вуснай і пісьмовай. Абедзве гэтыя формы маюць як агульныя, так і адметныя асаблівасці. Іх аб'ядноўвае тое, што яны служаць сродкам зносін людзей паміж сабой: той самы змест можна перадаць і вусна, і пісьмова, прычым карыстаючыся аднолькавымі або падобнымі словамі і граматычнымі формамі, сказамі. Як вусная, так і пісьмовая форма літаратурнай мовы маюць выразна выяўленыя нормы (арфаэпічныя або арфаграфічныя), абавязковыя для ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай. Адрозніваюць іх сродкі  выражэння і ўспрымання.

Вусная форма маўлення прадугледжвае, з аднаго боку, утварэнне гукаў, іх гучанне, а з другога боку –  іх слуханне. Такім чынам, вымаўленая інфармацыя актуалізуецца ў шэрагу фанем, якія ў рэчаіснасці існуюць акустычна. Вуснае  маўленне разлічана на непасрэдны кантакт моўцаў.

Пісьмовая форма маўлення – гэта маўленне, зафіксаванае сістэмай умоўных, але выразна вызначаных для дадзенай мовы ўспрымальных органамі зроку графічных знакаў. Такім чынам, напісаная інфармацыя заключаецца у радзе графем, якія ў рэчаіснасці існуюць аптычна.

Пісьмовае маўленне, захоўваючыся надоўга, забяспечвае  зносіны людзей, падзеленых прасторай і часам. Яно служыць важным сродкам перадачы назапашанага вопыту аднаго пакалення народа іншым, наступным пакаленням. Паколькі фанемы з'яўляюцца найменшымі адзінкамі, з якіх складаюцца сэнсавыя адзінкі пры маўленні, то графемы – самыя маленькія адзінкі маўлення, з якіх складаюцца сэнсавыя адзінкі на пісьме. Такім чынам, калі гукавое  маўленне – гэта матэрыяльнае ўвасабленне чалавечай думкі, адзіны паўнавартасны сродак зносін, г.зн. абмену думкамі, то пісьмовае маўленне – гэта своеасаблівая фіксацыя гукавой гаворкі з дапамогай умоўных графічных знакаў.

Значэнне пісьмовай мовы ў жыцці грамадства таксама велізарнае, дзе-нідзе нават важнейшае для  камунікацыі, чым вуснае маўленне. Пісьмо шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Значная перавага пісьмовага маўлення звязана з тым, што яго можна  выкарыстоўваць шмат разоў, выбіраючы для паглыбленага  азнаямлення або  вывучэння асобных месцаў, можна вяртацца да прачытанага шмат разоў. “Без  пісьма маўленне заставалася б толькі імгненным сродкам зносін. Адно толькі  пісьмо надае сілу лятучаму слову, перамагаючы  прастору і час.  Пісьмо – неабходнае  дапаўненне мовы, надзвычай  моцны рычаг ведаў ... Без яго немагчымыя ні дакладная гісторыя, ні навука”, – пісаў акадэмік Я. К. Грот яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя.

Графічная форма літаратурнай мовы, будучы звязана з яе вуснай формай, не з'яўляецца разам з тым простай яе копіяй, а мае шэраг сваіх уласных сродкаў, шмат у чым адрозных ад сродкаў вуснай мовы. Так, напрыклад, вуснае маўленне для выражэння зместу шырока выкарыстоўвае  сінтагматычнае чляненне, якое не заўсёды можа быць  выражанае на пісьме.Напрыклад, сказ : Я схаваў учора / атрыманую газету і Я схаваў / учора атрыманую газету. Гэтак жа толькі ў вусным  маўленні можна выдзеліць лагічным націскам прадмет думкі. Напрыклад, у сказе: Самалёт пайшоў на пасадку можа вылучацца або першае, або другое, або трэцяе слова, што істотна ўдакладняе выражэнне думкі. З  іншага боку,  пісьмо таксама валодае некаторымі асаблівасцямі выражэння, якіх не мае вуснае маўленне. Напрыклад: У  Брэст мы ехалі паўгадзіныУ “Брэст” мы ехалі паўгадзіны.

Беларускае пісьмо, якое выкарыстоўвае кірылічныя літары і мае тысячагадовую традыцыю, фанаграфічнае, г.зн. яно грунтуецца на раздзяленні маўленчай плыні на асобныя гукавыя комплексы, якія з дапамогай розных графічных сімвалаў – перш за ўсё літар – робяцца аптычна ўспрынятымі. Аднак паміж вымаўленнем і напісаннем многіх слоў вельмі часта няма поўнай адпаведнасці. Менавіта з-за гэтага неабходна дакладнае ўсведамленне асноў правапісу, яго  характару, прынцыпаў, на якіх ён будуецца, яго адносінаў да вымаўлення і граматычнай   будовы.

Гр а ф і к а (ад гр. graphicos-пісьмовы) – раздзел мовазнаўчай навукі, у якім вывучаецца сукупнасць умоўных знакаў, праз якія вуснае  маўленне перадаецца на пісьме, а таксама сістэма суадносін паміж гэтымі знакамі і гукамі дадзенай мовы.

Умоўныя графічныя знакі для перадачы гукаў на пісьме называюцца літарамі.

Поўны спіс літар у агульнапрынятым парадку называецца алфавітам, або азбукай

У беларускім алфавіце 32 літары (34 літары), якія служаць для абазначэнне на пісьме 39 фанем. 3 іх 31 літара ужываецца для абазначэння на пісьме маўленчых гукаў, а адна –  ь (мяккі знак) служыць толькі для абазначэння мяккага вымаўлення папярэдніх зычных фанем.

Кожная літара функцыянуе як мінімум у чатырох Разнавіднасцях –гэта вялікія і малыя літары друкаванага і рукапіснага тэксту.

Па характары называння літары беларускія  літары дзеляцца на некалькі груп:

  1. Назвы, якія складаюцца з аднаго гуку: а, о, у, э, ы, і.
  2. Назвы, якія складаюцца з двух гукаў: галоснага і папярэдняга зычнага гуку йот: я (йа), ю (йу), е (йэ), і (йі).
  3. Назвы, якія складаюцца з адпаведнага цвёрдага зычнага гуку ў спалучэнні з наступным галосным э: б (бэ), у (вэ), г (гэ), д (дэ), ж (жэ), ц (цэ), ч (чэ).
  4. Назвы літар, якія складаюцца з адпаведнага зычнага гуку ў спалучэнні з наступнага галоснай а : к (ка), х (ха), ш (ша).
  5. Назвы літар, якія складаюцца з адпаведнага зычнага гуку ў спалучэнні з папярэднім галосным э : л (эл), м (эм), н (эн), р (эр), з (эс), ф (эф).
  6. Апісальныя назвы ь (мяккі знак), й (і нескладовае), ў (у нескладовае).

 Ідэальнай графічнай сістэмай з'яўляецца такая, у якой кожная літара адпавядае толькі адной фанеме. У беларускай мове адной літарай можа перадавацца і дзве фанемы або для абазначэння адной фанемы выкарыстоўваюцца дзве літары. Гэта мае сваім  вынікам тое, што  колькасць фанем і літар, з якіх складаецца слова, бывае рознай. Напрыклад,  беларуская словаформа яе складаецця з  дзвюх літар, якім адпавядаюць чатыры фанемы  jаjэ/, а слова дзверы складаецца з шасці літар, якім адпавядае  пяць фанем: [z’в’эры].

Асаблівасці  беларускай графікі наступныя:

  1. Адна фанема можа азначацца двюма літарамі, напрыклад: фанема < ž >– літарамі дж, фанема < z > – літарамі дз.
  2. Адной і той жа літарай могуць пазначацца розныя фанемы. Так, літарай г пазначаюць фанемы <γ>, <γ’>, <г> <г’>.
  3. 3. Адна і тая ж фанема можа пазначацца рознымі літарамі. Напрыклад, фанема < j> пазначаецца або асобнай літарай алфавіта, калі яна стаіць у канцы склада пасля галоснага і перад зычнымі (дай, войска, лайм); ці калі стаіць перад галосным, то разам з ім азначаецца адной літарай. Так, я= / j+a/, ю = / j+y/, е = / j+э/, ё = / j+0/: ясны, Юля. елка, ёга.
  4. Літары я, ю, е, і, ё у беларускай мове двухзначныя: яны могуць пазначаць або галосныя [а], [о], [у], [э], [і], [о] і мяккасць  папярэдняга зычнага, або галосныя [а], [о], [э], [і], [о], [у]  у спалучэнні з папярэднім зычным [j]: лес – ехаць, лёс – ёлка, ліха – іхні, любіць – юшка.

П.У. Сцяцко піша: “Суадносіны гукаў мовы з літарамі алфавіта складаюць асноўны змест графікі. У сучаснай беларускай графіцы, вядома, нене ўсе гукі абазначаюцца асобнымі літарамі. Напрыклад, для абазначэння мяккіх зычных гукаў у нас няма асобных зычных літар; параўн.: нос і нёс, вугал і вугаль; адна галосная літара можа абазначаць як адзін, так ідва гукі: сям'я [с'амйа], адна зычная літара можа абазначаць розныя гукі, як літара с у слове каса абазначае гук [с], а ў слове сшыць – гук [ш]. Адны з гэтых значэнняў выступаюць як асноўныя, іншыя як другарадныя. А с н о ў н а е значэнне літары – гэта такое, якое мае літара ў алфавіце: яна абазначае гук у моцнай пазіцыі (для галосных – пад націскам, для зычных –перад галоснымі ці санорнымі зычнымі). Замест гэтай літары не можа быць ужыта іншая без змены гучання слова, як, напрыклад, у словах ножык, дубы. Другарадны я значэнні літары – гэта дадатковыя, неалфавітныя значэнні, калі літара абазначае гукі, якія стаяць у слабай пазіцыі, напрыклад, зычныя перад іншымі (несанорнымі) зычнымі ці ў канцы слова. Так, у словах дарожка, дуб літара ж абазначае гук  [ш], а літара б гук [п]” [2, с. 34-38].

У задачу графікі ўваходзіць вывучэнне асноўных значэнняў літар. Ужыванне літар у дадатковых значэннях разглядае арфаграфія.

Літары беларускага алфавіта па сваіх асноўных значэннях падзяляюцца на адназначныя і двухзначныя. А д н а з н а ч н ы я літары маюць адно асноўнае значэнне, напрыклад, адназначныя зычныя літары выкарыстоўваюцца для абазначэння няпарных цвёрдых гукаў – гэта літары д, ж, дж, ш, ч, т, р: жыла, дым, дажджы, тут, чытаем, шыла, рыба. Адназначнымі з'яўляюцца і галосныя літары а, о, у, ы, э, якія заўсёды абазначаюць адзін адпаведны галосны гук: завочна, вучыцца, рэха.

Д в у х з н а ч н ы я літары маюць два значэнні,  напрыклад, літара с у слове каса мае значэнне цвёрдага гука [с], у слове касіць – мяккага [с'].” [1, с.40–41].

Да нялітарных графічных сродкаў пісьмовай мовы належаць: апостраф, знак націску, злучок, двукоссі, знакі прыпынку, прагалы паміж словамі і іншыя.

Апостроф ( ' ) ставіцца пасля зычных перад літарамі  е,я, ю, е, і, каб пазначыць на пісьме злучэнне галосных [а], [о], [у], [э], [і], [о]з папярэдняй фанемак  [j]. Напрыклад: аб'ява, з'езд і да т.п.

Знак націску у беларускай графіцы ў звычайных тэкстах не ставіцца. Толькі зрэдку ён пазначаецца, каб пазбегнуць непажаданай аманіміі. Калі ў тэксце сустракаецца незнаёмае слова, пра яго націск даведаюцца са слоў- нікаў, у якіх націск ставіцца абавязкова.

Правілы ўжывання знакаў прыпынку (пунктуацыя) не адносяцца ні да графікі, ні да арфаграфіі. Яны звязаны з сінтаксісам і складаюць другую частку правапісу (першая –  арфаграфія) – пунктуацыю.

Дэфіс – знак далучэння слоў (хлеб-соль, па-мойму, як-ніяк, хто-небудзь) і знак пераносу частак слоў.

Двукоссі ў  некаторых выпадках ўдакладняюць значэнне слоў: “Гродна” (параход, цыгарэты),  “Беларусь” (кінатэатр) і інш.

З гісторыі пісьма. Віды пісьма.

“Сярод многіх формаў чалавечай дзейнасці, якія служылі паказчыкамі духоўнай культуры, матэрыяльным увасабленнем развіцця рамяства і мастацкага таленту, прагрэсу і барацьбы народаў у  віхурах гістарычных падзей, было  пісьмо” (М.Г. Резнік).

“Без  пісьма  мова заставалася б толькі імгненным сродкам зносін. Адно толькі  пісьмо надае трываласці лятучаму слову, перамагае прастору і час.  Пісьмо – неабходная  прылада мовы, надзвычайны рычаг сумеснага жыцця, ведаў... Без яго немагчымыя ні дакладная гісторыя, ні навука” (Я.К. Грот).

Стварыўшы пісьмо, людзі не пераставалі здзіўляцца яго значнасці, яго магчымасцям і прыпісвалі стварэнне  пісьма багам. Старажытныя егіпцяне лічылі стваральнікам  пісьма бога Тота; у вавіланян такім богам быў Набу. Паводле грэчаскіх міфаў, бог Гермес вынайшаў азбуку і быў стваральнікам лікаў. 888

Большасць сучасных народаў карыстаецца такім відам пісьма, якое перадае гукавое  маўленне з дапамогай умоўных графічных знакаў — літар. Такое  пісьмо называюць алфавітным. Аднак гісторыя  пісьма пачыналася не з літар.

Пратапісьмо  (“прадметнае  пісьмо”) — паведамленне ў выглядзе аднаго або некалькіх прадметаў, што з'яўляецца своеасаблівым напамінам або падказкай для асобы, якая прымае яго. Такім, напрыклад, з'яўляецца вузельчыкавае пісьмо. Прадметны спосаб перадачы паведамленняў з дапамогай шнуроў з вузламі, як сцвярджаюць даследчыкі, быў найбольш распаўсюджаны ў пісьме “кіпу” перуанскіх інкаў. Асноўнай часткай “кіпу” была тоўстая вяроўка, да якой прымацоўваліся шнуры з вузламі і спляценнямі.

Прадметны спосаб зносін чалавека ўзнік задоўга да з'яўлення першабытных відаў пісьма.

 Уласнае пісьмо пачалося з малюнка і атрымала назву піктаграфічнага (ад лац. pictus – намаляваны і гр. grapho – пішу), або малюнкавага пісьма. Піктаграфія – адлюстраванне зместу паведамлення ў выглядзе малюнка або8 паслядоўнасці малюнкаў.

Малюнкавае пісьмо перадае толькі прыблізны  змест паведамленні, зусім не  адлюстроўваючы гучанне маўлення. Гэты від пісьма меў некаторыя ўмоўнасці. Калі малявалі, напрыклад, жывёліну, перавернутую дагары нагамі, гэтым казалі, што яна нежывая, забітая. Сонца сімвалізавала “дзень”, а піктаграма з зоркай – “ноч”. Піктаграмы малявалі канкрэтныя прадметы. Але вядомыя і спробы старажытных людзей адлюстроўваць з дапамогай малюнка такія паняцці, як жыццё, смерць, каханне.

Малюнкавыя запісы знойдзены на тэрыторыях дагістарычнага Егіпта, на востраве Крыт, у Старажытным Кітаі. Калісьці такімі малюнкамі перапісваліся народнасці Сібіры. А ў Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы, а таксама ў Аўстраліі піктаграфічным  пісьмом карыстаюцца да гэтага часу.

У жыцці сучаснага грамадства трапляюцца ўмоўныя знакі, якія можна лічыць своеасаблівымі піктаграмамі, напрыклад, дарожныя знакі, эмблемы, шыльды, зразумелыя людзям розных моў і культур, напрыклад у аэрапортах, на вакзалах і г. д.

На змену піктаграфічнага  пісьма прыйшло пісьмо ідэаграфічнае (ад гр. idea-ідэя, вобраз, grapho – пішу), або іерагліфічнае. Магчымасці яго нашмат большыя, чым у піктаграфіі. З дапамогай знакаў ідэаграфіі (ідэаграм, іерогліфаў) можна было перадаць не толькі назвы прадметаў, але і абстрактныя паняцці, думкі (ідэі) – большай часткай цэлыя словы. Кожнай рэчы ў гэтым  пісьме адпавядае свой малюнак. Гэтае  пісьмо здольнае перадаваць і тыя паняцці, якія не ўспрымаюцца зрокам і таму не могуць канкрэтна адлюстравацца ў малюнку. Аднак у ідэаграфічным  пісьме ўсё яшчэ адсутнічае сувязь паміж знакам і яго вымаўленнем.

Ідэаграфічнае пісьмо  адметнае яшчэ і тым, што ў ім зарадзіліся лічбавыя знакі. І сучасныя знакі чатырох арыфметычных дзеянняў ( + ) плюс, ( - ) мінус, (х) знак множання, (:) знак дзялення, іншыя матэматычныя ўмоўныя знакі, хімічныя формулы, іншыя знакі запісу — гэта ўсё прыклады выкарыстання ідэаграфічнага  пісьма сучасным грамадствам.

Ідэаграфічны характар мелі найстаражытнейшыя  сістэмы пісьма-старажытнаегіпецкая, кітайская. Сёння чыста іерагліфічным  пісьмом карыстаюцца толькі кітайцы. Іерагліфічныя графічныя сістэмы пісьма, акрамя іншых, з'яўляюцца складовымі, прысутнічаюць таксама ў сучасных японскай і карэйскай мовах. Дарожныя знакі таксама з'яўляюцца ідэаграфічным пісьмом.

Ідэаграфічнае  пісьмо вельмі складанае, у большасці народаў развіліся значна больш простыя – складовае пісьмо і літарнае.

У складовым  пісьме  з дапамогай знакаў запісваюцца асобныя склады мовы.  Як правіла, гэтае  пісьмо ўзнікае з ідэаграфічнага, у якім гэтымі знакамі пазначалі аднаскладовыя словы. Такім чынам, знак-склад маглі ўжо выкарыстоўваць для напісання шматскладовых слоў, якія ўтрымлівалі гэты склад. Гэты від пісьма ўжо перадае гукавое афармленне напісанага.

Лічыцца, што складовае  пісьмо вынайшлі старажытныя шумеры, жыхары Паўднёвай Месапатаміі (Міжрэчча – мясцовасць паміж рэкамі Тыгр і Еўфрат, тэрыторыя сучасных Ірака і Сірыі), дзесьці ў IV-II тысячагоддзях да н.э. гэтым  пісьмом карысталіся таксама ў Старажытнай Індыі, сучаснае японскае пісьмо з'яўляецца менавіта складовым.

Гукавое,  літарна-гукавое, або алфавітнае, або фанематычнае пісьмо – вынаходніцтва чалавецтва, якое з'яўляецца асновай сучаснага пісьменства. Для гэтага трэба было вылучыць у маўленчай  плыні найменшую часціцу — гук і знайсці спосаб перадачы яго на пісьме.

Асаблівасць гэтага віду пісьма заключаецца ў тым, што графічны знак перадае пэўны гук маўлення.

Літарнае пісьмо складаецца з літар.

 Літара (літара) – графічны знак у алфавіце пэўнай мовы, які служыць для абазначэння гуку на пісьме.

Алфавіт (азбука) –  размешчаная ў вызначаным парадку сукупнасць літар, якія ўжываюцца для запісу пэўнай мовы. Найстаражытнай вядомай азбукай з'яўляецца фінікійская, якая існавала прыкладна з ХV-ХІІІ стст. да н.э. Фінікія – старажытная магутная краіна, размешчаная на ўзбярэжжы Міжземнага мора на тэрыторыі сучасных Лівана, Сірыі і Ізраіля.  Гэтае пісьмо складалася з літар для абазначэння зычных гукаў і пэўных знакаў для перадачы галосных гукаў. На  яго аснове ўзніклі старажытнаяўрэйскі, арабскі,  грэчаскі, кірылічны і лацінскі алфавіты. Большасць сучасных народаў карыстаецца менавіта гукавым пісьмом. Асноўныя алфавіты сучаснага чалавецтва – лацінскі, арабскі, кірылічны [3, c. 29].

А.М. Булыка адзначае: “Алфавіт [грэч. alphábētos ад назваў першых дзвюх літар грэка-візантыйскага алфавіта álpha (альфа) i bēta (бета, навагрэчаскае vita віта)] –  сукупнасць графічных знакаў (літар) пэўнай сістэмы пісьма, размешчаных у замацаваным парадку; азбука. Уяўляе пазнейшую стадыю развіцця графікі, якая надышла ўслед за піктаграфічным (малюнкавым), ідэаграфічным (іерагліфічным), а таксама складовым пісьмом. Асноўныя патрабаванні да кожнага алфавіта: дакладная колькасць адпаведных літар і асноўных гукаў мовы (фанем), прастата малюнкаў літар і іх зручнасць для напісання, выразнае адрозненне адной літары ад другой пры захаванні адзінства іх графічнай будовы. Але алфавітаў, якія б поўнасцю адпавядалі ўсім гэтым патрабаванням, няма. У розных алфавітах побач з асноўнымі значэннямі графем існуюць дадатковыя, якія залежаць ад суадносін літар і гукаў, што абазначаюцца імі, і ад пазіцый гука ў слове.

Сучасны беларускі алфавіт замацаваўся як адзіны графічны сродак пісьмовай формы беларускай літаратурнай мовы пасля ўтварэння БССР. Ён складаецца з 32 літар (некаторыя даследчыкі асобнымі літарамі лічаць дыграфы дж і дз): Аа, Бб, Вв, Гг, Дд,  (Дж, дж), (Дз, дз), Ее, Её, Жж, Зз, Ii, Ий, Кк, Лл, Мм, Нн, Оо, Пп, Рр, Сс, Тт, Уу, Ўў, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Ыы, Ьь, Ээ, Юю, Яя. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой. Яны могуць ужывацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і малую форму. Есць спецыяльны знак – апостраф (‘).

Найбольш пашыраныя сучасныя алфавіты: лацінскі (у народаў Амерыкі і Аўстраліі, большай часткі народаў Еўропы і некаторых краін Азіі i Афрыкі), рускі, утвораны на базе кірыліцы (ва ўсходнеславянскіх народаў, многіх народаў Расійскай Федэрацыі і Сярэдняй Азіі, у Балгарыі, Сербіі, Манголіі), арабскі (у народаў арабскіх краін, Ірана, Афганістана, Пакістана)” [3, с. 29].

І.Я. Лепешаў адстойвае меркаванне, што дыграфы не павінны ўключацца ў алфавіт, абапіраючыся на вопыт графічных сістэм розных моў свету. Сучасны беларускі алфавіт, паводле энцыклапедыі “Беларуская мова”, складаецца з 32 літар (некаторыя даследчыкі асобнымі літарамі лічаць дыграфы дж, дз. Ва ўкраінскай мове гукі [z], [ž] перадаюцца на пісьме дыграфамі: бджола, дзвін. Тое самае і ў польскай мове, дзе алфавіт складаецца з 33 літар, а па-за алфавітам ёсць яшчэ 7 дыграфаў. Дыграфы, ці лігатуры, характэрныя і для англійскай, французскай, нямецкай моў. Такія спалучэнні ў алфавіт не ўваходзяць”[5, с. 146–147].

Назвы «алфавіт», «азбука» складзеныя з назваў першых двух літар; алфавіт — з грэчаскіх літар «альфа» і «віта»; азбука — з кірылічных «аз» і «букі».

А. М. Булыка піша: “Кірыліца –  адна з дзвюх старажытных славянскіх азбук. Сваю назву атрымала ад імя славянскага асветніка Кірылы (свецкае імя Канстанцін) Філосафа (каля 827-869 ).

Створана ў 9 ст. на аснове грэка-візантыйскага ўстаўнага пісьма. Адрознівалася ад другой славянскай азбукі – глаголіцы – іншым тыпам і больш простай формай літар. Мела 43 літары: 24 візантыйскага паходжання, 19 створаны ўпершыню. 27 літар выкарыстоўваліся для абазначэння лічбаў. Літарны склад кірыліцы адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы.

Паходжанне кірыліцы канчаткова не высветлена. Большасць вучоных лічаць, што менавіта гэта азбука была створана Кірылам і раней за глаголіцу. На думку іншых (I. I. Мешчанінаў, Дз. С. Ліхачоў), Кірыла з'яўляўся стваральнікам глаголіцы,  прычым глаголіца папярэднічала кірыліцы. Найбольш старажытныя кірыліцкія помнікі – надпісы на сценах і плітах царквы ў Праславе (9–10 ст., Балгарыя), надпіс на глінянай пасудзіне, знойдзенай пры раскопках курганоў пад Смаленскам  (10 ст.), і інш. Першая датаваная кніга, напісаная кірыліцай, –  Астрамірава Евангелле (1056–57). На працягу некалькіх стагоддзяў кірыліца ўжывалася ў большасці славянскіх краін паралельна з глаголіцай,  з 12 ст. выцесніла глаголіцу. З 10 ст.  абслугоўвала ўсе тыпы старажытнарускай літаратурнай мовы, выступаючы пераважна ў выглядзе ўстава. Ад старажытнарускага пісьменства перайшла ў спадчыну старарускаму, старабеларускаму і стараўкраінскаму пісьменствам. У 14–18 ст. кірыліца шырока ўжывалася ў беларускім

Запіс ліку ажыццяўляўся гэтак жа, як і ў вусным маўленні: шаснаццаць (шэсць на дзесяць – гэта значыць спачатку фіксаваліся адзінкі, а потым дзясятак, і над імі прастаўлялі знак цітла: SI; лік 23 пазначалі адпаведнымі літарамі КГ са знакам цітла над імі.

 

У ранні перыяд старабеларуская графіка мела ўсе літары кірыліцы. Аднак у працэсе развіцця беларускай мовы літаратурны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпадала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняцца адна адной, але працягвалі ўжывацца па традыцыі, з'явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты дж. Развіццё старабеларускай графікі было звязана з пошукамі найбольш зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасцей жывой мовы.

На беларускай глебе выйшлі з ужытку асобныя літар, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.).

Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства, якое з ростам школ і асветы, пашырэннем грамадскіх функцый пісьмовай мовы паступова перастала быць манаполіяй царкоўнікаў і стала здабыткам больш шырокіх колаў тагачаснага грамадства. Аднак удасканаленне графікі адбывалася стыхійна, таму дублетныя літары былі абмежаваны ва ўжытку,  але не адкінуты.

Развіццё беларускага варыянта кірыліцы, як і іншых усходнеславянскіх,  ішло ў кірунку ўдасканалення форм літар і ўвогуле ўсяго пісьма. Значным крокам наперад у параўнанні са старажытнарускім перыядам з'явілася замена устаўнага пісьма паўуставамі (14 ст), а пасля і скорапісам (15 ст.),  дзякуючы чаму намнога паскорыўся працэс пісання. Выдатным дасягненнем старабеларускай графікі было стварэнне беларускім першадрукаром і асветнікам Ф. Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта алфавіта, які стаў узорам для іншых усходнеславянскіх друкароў. Цікавай з'явай у гісторыі беларускага кнігадрукавання было вынаходніцтва спецыяльнага курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй надзвычай удала імітаваў скорапіс 2-й палавіны 16 ст. Гэтым шрыфтам у друкарні Мамонічаў былі надрукаваны “Трыбунал” (1586) і “Статут Вялікага княства Літоўскага” (1588).

На Беларусі намнога раней намецілася тая ж тэндэнцыя, якая пазней, у пятроўскую эпоху, праявілася і ў рускім пісьменстве ў выкарыстанні грамадзянскага алфавіта для літаратуры свецкага зместу.

Працэс удасканалення кірыліцкага алфавіта спыніўся на Беларусі ў 18 ст.  па прычыне заняпаду старабеларускага пісьменства. На рускіх жа земляхкірыліца развівалася без перашкод.

У выніку рэформы Пятра I у 1708 г. быў створаны (удзельнічаў беларус Ілья Капіевіч) грамадзянскі шрыфт (гражданка, капіеўка), які пазней стаў асновай сістэм пісьма большасці народаў былога СССР.

Грамадзянскі шрыфт стаў асновай і новага беларускага пісьменства. Выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рускага грамадзянскага шрыфту са старабеларускім варыянтам кірыліцы,  беларускі алфавіт вызначаецца большай дасканаласцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для абазначэння спалучэння гукаў йо (ё) і спецыфічнага беларускага гука ў, афрыкаты дж і дз перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф” [3, с. 261–262].

Н.Б. Мячкоўская адзначае: “Лацініца была здаўна вядома беларусам дзякуючы пастаянным кантактам з польскай пісьмовай культурай, дзякуючы беларускім традыцыям лацінскай адукаванасці, а пазней таксама і зхнаёмству з пісьменнасцю суседзяў-літоўцаў” [2, с. 64].

Даследчык гісторыі беларускай графікі А.М. Булыка адзначае: “Лацінскі алфавіт узнік у Старажытным Рыме для пісьмовай перадачы лацінскай мовы  ў 7 ст. да н. э. на аснове этрускага алфавіта, які паходзіць з грэчаскага. Спачатку лацінка мела 20 літар, у 6–4 ст. да н. э.– 21. Назвы іх арыгінальныя або запазычаныя ад этрускаў. Фарміраванне лацінкі закончылася ў 1 ст. да н. э. (складалася з 23 знакаў). Форма літар устанавілася ў 1–5 ст. н. э., іх графічная эвалюцыя закончылася ў пачатку 9 ст. н. э. Найбольш старажытны помнік лацінскага пісьма – надпіс на знойдзенай у Прэнестэ (Італія) залатой спражцы, які датуецца канцом 7 пачаткам б ст. да н. э. У сярэднія вякі, калі лацінская мова з'яўлялася міжнароднай мовай еўрапейскага культурнага свету, лацінка папоўнілася літарамі j і w, а літары и і v сталі адрознівацца гукавым значэннем [у] і [в]. Лацінскі алфавіт запазычыла большасць еўрапейскіх народаў. У наш час налічваецца больш за 70 алфавітаў на лацінскай аснове,  якімі карыстаецца каля 35 % насельніцтва свету. Алфавіты на базе лацінкі выкарыстоўваюцца ў латышскай,  літоўскай, эстонскай і карэльскай мовах. У 1989 г. на лацінскі алфавіт пераведзена малдаўская мова.  На Беларусі лацінскі алфавіт вядомы са старажытнасці ў помніках на польскай і лацінскай мовах. Асабліва спрыяльныя ўмовы для выкарыстання лацінскага алфавіта склаліся тут у другой палове 16 ст. ў сувязі з пашырэннем паланізацыі і каталіцызму.

 3 гэтага часу лацінка паступова выцясняе кірыліцу ў сферы дзелавога пісьменства, паколькі юрыдычныя дакументы або іх асноўныя палажэнні ўсё часцей пісаліся па-польску ці па-лацінску. Лацінскую графіку выкарыстоўвалі пры напісанні твораў на польскай і лацінскай мовах некаторыя беларускія асветнікі і пісьменнікі (С. Будны, М. Гусоўскі і інш.).

Лацінскі алфавіт прымяняўся пры друкаванні навуковых трактатаў і палемічных твораў, напісаных на лацінскай і польскай мовах. Лацінка ўжывалася побач з кірыліцай і ў друкаваных кнігах рэлігійных жанраў, напрыклад, у «Қазанні Кірыла» С. Зізанія (Вільня, 1596), дзе паралельна збеларускім змешчаны польскі тэкст.

Нават у 18-19 ст., калі лацінская мова на Беларусі страціла сваё значэнне, лацінка працягвала ўжывацца перш за ўсё ў польскамоўным пісьменстве. У 18 ст. яна выкарыстоўвалася паралельна з кірыліцай у некаторых драматычных творах на беларускай мове. У 19 ст. лацінка (пры існаванні кірыліцы) была прыстасавана беларускімі пісьменнікамі (Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, Рыпінскі, B. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, A. Гурыновіч і інш.) для перадачы беларускай мовы. Лацінкай друкавалася нелегальная, першая на беларускай мове газета «Мужыцкая праўда»  (1862-63) Қ. Қаліноўскага, кірыліцай і лацінкай – газеты «Наша доля»  (1906) і «Наша ніва» (1906-12).

Лацінкай надрукаваны творы Цёткі (кнігі «Скрыпка беларуская», «Хрэст на свабоду», «Першае чытанне для дзетак-беларусаў», 1906), зборнік Я. Купалы «Гусляр» (1910), раннія творы Я. Коласа і інш. У Заходняй Беларусі лацінка ўжывалася побач з кірыліцай да 1939 г. і ў перыёдыцы, і ў кніжных выданнях” [3, с. 289–290] (малюнак 1)

Малюнак 1.

Н.Б. Мячкоўская адзначае: “У славянскім свеце арэолы кірылічнага і лацінскага, а таксама глагалічнага пісьма адпавядаюць межам веравызвання: праваслаўныя і уніяты пішуць на кірыліцы, католікі – на лацініцы, а глаголіца заўседы спадарожнічала таму ці іншаму канфесіянальнаму адасабленню (напрыклад, харват-глагалітаў ад праваслаўя). Невыпадкова да глаголіцы звярталіся і перадрэфармацыйна настроеныя чэхі (напрыклад, маюцца глагалічныя версіі твораў Яна Гуса) і пад іх уплывам палякі (ёсць звесткі аб глагалічных месах у Кракаве ў пачатку XV ст.).

Дзве азбукі беларускага пісьма паўстаюць з’явай больш парадаксальнай, чым алфавітная траістасць харвацкага друку XVI ст., не звязаная з працэсамі этнічнага самавызначэння. У Беларусі апазіцыя кірыліцы і лацініцы, па-ранейшаму захоўваючы сувязь з апазіцыяй канфесій, аказалася ўключанай у шэраг іншых нацыянальна-палітычных і культурных працэсаў і калізій.

Час з’яўлення кірыліцы, грамадзянкі і лацінкі ў беларускім пісьме. Кірылаўская графіка, традыцыйная для праваслаўных славян, была першапачатковай у беларускай рукапіснай традыцыі і ў першадрукаваных кнігах Францыска Скарыны. Пры гэтым Скарына змяніў абрысы кірылаўскіх літар. У яго выданнях літары становяцца больш акруглымі і лёгкімі, што рабіла набраны тэкст больш светлым і празрыстым. Да таго ж Скарына змяняе склад кірыліцы: некаторыя архаічныя дублетныя літары ў яго не сустракаюцца, іншыя дублеты ён выкарыстоўвае радзей, чым у папярэднім царкоўнаславянскім пісьме. Па сутнасці Скарына прадказаў аблічча будучай грамадзянскай азбукі, амаль на два стагоддзі апярэдзіўшы рэформу графікі Пятра І (1710). Лацініца была здаўна вядома беларусам, дзякуючы пастаянным кантактам з польскай пісьмовай культурай, дзякуючы беларускім традыцыям лацінскай адукаванасці, а пазней таксама і знаёмству з пісьменнасцю суседзяў-літоўцаў. Польскі ўплыў на беларускую культуру, у тым ліку актыўнае беларуска-польскае двухмоўе адукаваных і/ці сацыяльна мабільных беларусаў, прывяло да выкарыстання імі лацінскай графікі. Найбольш важкія прыклады такіх запісаў адносяцца да сярэдзіны XVІІІ ст.” [2, с.. 63–64].

На Беларусі існавалі пісьмовыя помнікі, напісаныя арабіцай.

В.І. Несцяровіч піша: “Кітабы – кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Ствараліся з 16 ст. татарамі, што пасяліліся на Беларусі і ў Літве ў 14 ст. татарамі, якія паступова забылі сваю родную мову. Для захавання рэлігіі яны вымушаны былі перакласці Каран і іншыя кнігі іслама на беларускую мову,  пакінуўшы пры гэтым арабскі алфавіт. Змест кітабаў – усходнія легенды, казкі, прыгодніцкія аповесці,  апісанні мусульманскіх рытуалаў,  т. зв. Мерадж (паэма пра ўзнясенне Магамета на неба), маральна-этычныя павучанні для моладзі (пра шанаванне бацькоў, гасцей, бедных, сірот, суседзяў і інш.), варажба па літарах Карана, разгадка сноў. Акрамя кітабаў, выдзяляюць тэфсіры (каран з падрадковым каментарыем пабеларуску ці па-польску), тэджвіджы  (правілы чытання карана), хамаілы (малітоўнікі).

Пачынаючы з 14 ст. на Беларусі пачалі сяліцца татары, адны як ваеннапалонныя, другія – добраахвотна, у пошуках лепшага жыцця. Пэўны час захоўвалі свае традыцыі, культуру, мову. Паступова сталі далучацца да беларускай культуры, забылі татарскую мову і перанялі беларускую. У 16-17 ст. большая частка татар не ведала сваёй мовы. Як  сведчыць аўтар Рысале-і-татар-і лех (гэта дакладная запіска 1557-58 гг. невядомага татарына турэцкаму султану Сулейману пра татар-перасяленцаў на Беларусі і ў Літве), родную мову ў гэты час ведалі толькі тыя татары, якія перасяліліся значна пазней. Тым, хто ўжо не разумеў па-татарску, прапаноўвалася: «Қалі хто па-татарску не ўмее, то па-руску нехай абракайецца (гаворыць)», – тэкст 1-й паловы 18 ст. Гэта акалічнасць вымусіла перакласці мусульманскую літаратуру на беларускую мову, пакінуўшы знешняе афармленне (у т. л. і пісьмо) без змен.

Вывучэнне кітабаў пачалося ў 19 ст. У  пачатку 20 ст. кітабы вывучалі  I. I. Луцкевіч, Я. Ф. Қарскі, I. Ю. Крачкоўскі і інш. Найбольш грунтоўна даследаваў тэксты A. К. Антановіч. У кн. «Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом…» (1968) ён разгледзеў 24 арыгінальныя тэксты (сярод іх 8 кітабаў),  даў падрабязную моўную характарыстыку, выказаўся пра месца і час узнікнення кожнага з іх, разгледзеў графіку, дастасаваную татарамі да беларускай фанетыкі, прывёў транслітараваныя ўрыўкі.

 Кітабы напісаны і чытаюцца справа налева, тэкст пачынаецца там, дзе ў славянскіх кнігах заканчваецца.  Қолькасць старонак неаднолькавая ў кожным кітабе -– ад 70 да 1000. Радок суцэльны, няма падзелу на словы, няма вялікай літары і знакаў прыпынку. Перанос слоў падпарадкоўваецца аднаму правілу: кожны наступны радок павінен быць роўны з папярэднім. Новы твор  (раздзел) пачынаецца словамі баб (раздзел, пачатак новага зместу) ці хікайет (аповесць, апавяданне). Іншы раз гэтых слоў няма, тады на палях выпісваюцца першапачатковыя словы (першы сказ), якія таксама паказваюць на пачатак новага зместу.

Мова кітабаў адрозніваецца ад мовы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў, яна блізкая да беларускай народнай мовы. У тэкстах адлюстравалася беларуская лексіка  (спрэчка, заранак, прысмакі, згода, гадаваць), фразеалогія (як вокам мігнуць, як слова сказаць, на свет пусціць, шлюб браць), беларускі сінтаксіс (пайшоў па прароцкую душу, дзякаваць таварышу). З дапамогай арабскай графікі, дастасаванай да беларускай фанетыкі, больш дакладна ў параўнанні з кірылаўскімі пісьмовымі помнікамі, перадаюцца некаторыя гукавыя асаблівасці беларускай мовы, у першую чаргу дзеканне і цеканне, разнастайныя асіміляцыйныя змяненні, паколькі ў арабскай графіцы былі розныя літары для абазначэння парных гукаў, напрыклад, с – с', з – з', д – дз', т – ц': на сьвеце, зь вечара, зьнік, вернасьць, дзьверы.

У кітабах выкарыстоўваюцца ўсходнія словы, што абазначаюць разнастайныя мусульманскія рытуалы:  селам (салам, селям) – мусульман скае прывітанне ў фразеалагізме даць селам; васійят (весійят) – духоўны запавет, джаназе - малітва на могілках і інш. Пераважная большасць такіх слоў уключаецца ў сістэмныя адносіны (назоўнікі скланяюцца,  дзеясловы спрагаюцца).

Нямала ўсходніх слоў атрымліваюць пад уплывам беларускай мовы іншыя формы. Слова дуа – малітва, просьба, заклік – прыняло памяншальна-ласкальную форму дуайка. Арабскае слова кяфір – нявернік - дало вытворныя кяфіры, кяфірскі, кяфіране. Як лічаць арабісты, напрыклад У. П. Дзямідчык, такія словы не маглі перакладацца. Яны інтэрнацыянальныя і маюць больш чым канкрэтнае значэнне – прызнанне веры ў адзінага бога. Выкарыстанне гэтых слоў рытуальнае. Такія словы хоць і адчулі ўплыў беларускай мовы, але ў беларускую мову трапіць не маглі, бо кітабы не маглі быць перадатчыкамі слоў у народна-дыялектную мову беларусаў па той прычыне, што пісьменства мела замкнёны характар, беларусы не разумелі яго і не маглі, паводле мусульманскіх канонаў, быць дапушчаны да яго.

Вывучэнне кітабаў дае каштоўны матэрыял для філолагаў, этнографаў, фалькларыстаў, гісторыкаў, ісламістаў, цюрколагаў, арабістаў. Кітабы зберагаюцца ў бібліятэках АН Беларусі, АН Літвы, Вільнюскага, Санкт-Пецярбургскага і Қазанскага універсітэтаў, у Вільнюскім гісторыка-этнаграфічным музеі, у прыватных бібліятэках” [3, с. 261–262].

Т.М. Андрусевіч наступным чынам акрэслівае гісторыю вывучэння беларускай мовы арабскім пісьмом: “Першым, хто звярнуў увагу на кітабы, быў нямецкі ўсходазнавец Флейшар, які, па ўсяму відаць, не ведаў ні аб літоўскіх татарах, ні аб пісьменстве на беларускай мове (адшуканы Хамаіл ён змясціў у каталозе ўсходніх рукапісаў). Першаадкрывальнікам жа татарска-мусульманскай літаратуры на беларускай і польскай мовах варта лічыць Антонія Мухлінскага, які ўпершыню звярнуў увагу на існаванне ў татар Беларусі і Літвы даволі шырокага і разнастайнага пісьменства (узоры гэтай літаратуры з каментарыямі ён надрукаваў у Вільні ў 1858 годзе).

У перыядычным друку з таго часу прамільгнула даволі многа паведамленняў пра рукапісы беларускіх татар (I. Крачкоўскі, А. Самойлавіч, Я. Станкевіч, В. Вольскі і інш.). Аднак у большасці сваёй гэта былі працы або чыста выпадковыя, або мелі навукова-папулярны характар і прызначаліся для шырокага кола чытачоў.

Грунтоўнае навуковае даследаванне беларускіх кітабаў пачалося ў другой палове XX стагоддзя. Безумоўны прыярытэт у гэтай справе належыць дацэнту Вільнюскага універсітэта А.К. Антановічу, які ў 1968 годзе апублікаваў доктарскую манаграфію “Белорусские тексты, писанные арабским письмом и их графико-орфографическая система”. Сваё даследаванне ён разглядаў “як пачатак той велізарнай працы, якую яшчэ трэба будзе правесці ў будучым...”. А.К. Антановіч небеспадстаўна спадзяваўся, "што праца выкліча цікавасць да вывучаемых тэкстаў навуковай грамадскасці і што яны (тэксты) зоймуць належнае месца сярод іншых помнікаў беларускай мовы". Так яно ў далейшым і атрымалася.

У апошняй чвэрці XX стагоддзя да ліку даследчыкаў беларускіх арабскаграфічных тэкстаў далучыліся такія навукоўцы, як I. Канапацкі, В. Несцяровіч, М. Аляхновіч, С. Богдан, В. Гушча і інш. Пытанне аб тым, якая з моў – беларуская ці польская – упершыню была выкарыстана для перакладу ўсходніх тэкстаў, хвалюе і асобных польскіх лінгвістаў (гл., напрыклад, цікавыя публікацыі Cz. Lapicza, N. Jorda).

I ўсё ж, нягледзячы на пэўныя поспехі ў вывучэнні кітабаў, значная колькасць беларускіх арабскаграфічных твораў пакуль што не ўведзена ў навуковы ўжытак і чакае свайго дапытлівага даследчыка” [2, с. 64–65].